Вучні 5 «А» і 5 «Б» класаў адправіліся ў займальнае падарожжа ў горад Кобрын. Першым пунктам наведвання стала страўсіная ферма – дзіўны свет, дзе жывуць афрыканскія страўсы, яноты, трусы, конь і іншыя жывёлы. Экскурсавод паказаў вальеры, у якіх утрымліваюцца прадстаўнікі фаўны. А ўжо падчас квэст-гульні рабяты даведаліся, чым кормяць гадаванцаў, што неабходна для догляду за імі, і яшчэ шмат цікавых фактаў.
Затым школьнікаў чакала захапляльнае падарожжа ў свет цацак. Найбуйнейшая і самая сучасная фабрыка ва Усходняй Еўропе па вытворчасці пластмасавых цацак «Палессе» расчыніла свае дзверы і адкрыла таямніцы. Пяцікласнікі ўбачылі ўвесь вытворчы працэс, наведалі светлыя прасторныя цэхі, даведаліся, дзе і як з'яўляюцца машынкі, канструктары, лялькі, пупсы, ровары і іншыя дзіцячыя цацкі.
У завяршэнні падарожжа рабяты наведалі музей імя А. В. Суворава – адзіны музей у Беларусі, непасрэдна звязаны з асобай расійскага палкаводца. Экскурсія дазволіла вучням дакрануцца да гісторыі, даведацца пра жыццё і подзвігі знакамітага ваенначальніка, а таксама агледзець гістарычную экспазіцыю, размешчаную ў будынку былой кобрынскай царквы.